Пару словаў пра Капітана Танаку
Капітан Танка – гэта маленькі чырвоны пластылінавы слімак. Ён нарадзіўся 15 траўня 2005 г., і ўпершыню з’явіўся ў інтэрнэце, у маім інтэрнэт-дзённіку. Праз нейкі час ён таксама пачаў з’яўляцца на старонках штотыднёвай газеты "Наша Ніва" ў рубрыцы "Газетка дзеткам". Нарэшце, у снежні 2008 г. зявіўся і гэты сайт.
Коміксы, мульцікі, кнігі
Танака і яго сябры жывуць у пластылінавай краіне Пластыляндыі. Капітан Танака заўжды трапляе ў розныя прыгоды, даведацца пра якія можна ў коміксах ды паглядзець у мульціках. А яшчэ неўзабаве ў продажы з’явіцца мая першая кніга “Прыгоды Капітана Танакі”.
Танака ў газеце
Акрамя гэтага, гісторыі ў карцінках пра Капітана Танаку, як і раней, можна часцяком пабачыць у “Нашай Ніве”. Дзеля гэтага трэба набыць нумар гэтай газеты ў кіёску (цяпер “Наша Ніва” трапляе ў продаж кожную сераду), ці падпісацца на яе.
Мультфільмы
Для таго, каб не прапусціць апошнія мульцікі пра прыгоды Капітана Танакі і жыхароў Пластыляндыі, завітайце на наш адрас у YouTube, і, зарэгістраваўшыся, падпішыцеся на навіны нашага інтэрнэт-відэаканалу.
Tanaka in English
Калі вы маеце замежных сяброў, парайце ім зазірнуць на англамоўны інтэрнэт-дзённік Капітана Танакі па адрасе http://tanakaland.blogspot.com
Як з’яўляюцца коміксы і мультфільмы пра Танаку?
Пластылін штука мяккая, але працы зь ім хапае... Ведаеце, як ствараецца чарговая серыя коміксу пра Капітана Танаку? О, гэта немалая праца. Спачатку я прыдумляю ідэю. Часам яна прыходзіць раптоўна, за адну секунду, але, бывае, даводзіцца сядзець над ёй некалькі дзён. Калі ідэя з’явілася, я раблю накід на паперы - прыкладна замалёўваю, як будуць выглядаць фотаздымкі для коміксу. Потым іду ў краму, набываю пластылін, і вяртаюся дадому. Дома вылепваю ўсіх новых пэрсанажаў ды пластылінавыя прадметы, якія будуць адзнятыя ў коміксе.
Здараецца, даводзіцца нават маляваць цэлыя дэкарацыі для коміксу. Пасьля гэтага запальваю адмысловыя лампы, выстаўляю фон, ды пачынаю здымку на лічбавы фотаапарат. Калі ўсё адзнятае, я ўключаю камп'ютар і пераношу туды здымкі. Адбіраю найлепшыя з іх і адкладаю ў асобную тэчку. Потым з дапамогай адмысловай праграмы выразаю па контуры фігуркі са здымкаў - сантыметр за сантыметрам! Калі ўсе здымкі выразаныя, я спалучаю іх разам, нібы калаж. Займае гэты працэс звычайна пару гадзін, а то і болей. Нарэшце, атрымліваюцца вялікія ілюстрацыі для коміксаў, якія яшчэ трэба аптымізаваць, каб можна было праглядаць іх праз інтэрнэт. Вось так!
Калі ж робіцца мультфільм, то справа займае яшчэ больш часу – бо кожны кадр трэба адфатаграфаваць асобна! Для таго, каб зрабіць караценькі мульцік, даводзіцца рабіць некалькі сотняў кадраў, і таксама іх апрацоўваць, дадаваць музыку, агучваць, выстаўляць у інтэрнэт... Бачыце, колькі працы!
Для чаго гэты сайт?
Сайт гэты створаны для таго, каб кожны мог даведацца, хто такі Капітан Танака, і дзе з ім можна пазнаёміцца. Усё, што вы бачыце на гэтым сайце, дазваляецца без праблемаў выкарыстоўваць у прыватных некамэрцыйных мэтах. Скажам, спампоўваць фоткі з сайту, запісваць іх сабе на кампутар, перасылаць сябрам як паштоўку ў якасьці падарунку, раздрукоўваць для сваіх дзяцей коміксы, і г. д. – усё гэта дазваляецца. Карыстайцеся на здароўе!
Адзіная просьба: калі вы перастаўляеце на сваім сайце ці інтэрнэт-дзённіку нейкія матэрыялы з гэтага сайту, абавязкова пастаўце спасылку на сайт Капітана Танакі: http://www.tanaka.by Таксама буду вельмі рады і ўдзячны, калі вы кораценька напішаце мне пра гэта на мой адрас электроннай пошты:
А вось выкарыстоўваць творы пра Капітана Танаку ў камерцыйных мэтах не дазваляецца. Усе персанажы, сюжэты і творы пра Капітана Танаку абароненыя аўтарскім правам (© Алесь Кудрыцкі, 2005-2009). Калі ў вас ёсць пытанні, сумневы ці прапановы адносна выкарыстання матэрыялаў гэтага сайту – калі ласка, напішыце мне.
Жадаю вам цікавых прыгодаў разам з Капітанам Танакам!
Ваш,
Алесь Кудрыцкі


